26/03/2024

Калі цяжка фармуляваць думкі, прычына не ў мове, а ў моўцу

Некаторыя асобы, упэўненыя ў сваім нібыта валоданні беларускай мовай, не даўшы рады сфармуляваць на ёй якую-небудзь думку ці перакласці на яе што-небудзь, апраўдваюцца тым, што гэта такая мова — на ёй нібыта можна гаварыць толькі пра культуру ды на побытавыя тэмы. Тым самым вінавацяць люстэрка ў аддаленасці свайго твару ад ідэалаў прыгажосці. Болей за тое, на самай справе яны і пра літаратуру ці тэатр, і пра капанне бульбы ці выпяканне бліноў размаўлялі б на беларускай мове вельмі недасканала і прыгнечана, з намаганнямі, пык-мык.

Тым не менш дзеля паўнаты карціны варта адзначыць, што ёсць у беларускай літаратурнай мове, а менавіта — у яе лексіцы, па меншай меры два слабыя месцы, праз якія ў некаторых сітуацыях абазначэнне канкрэтнага аб'екта магчымае толькі пры ўмове суправаджэння адпаведнага слова каментарыямі, удакладненнямі. Прачытаць пра гэтыя дзве недапрацоўкі лексіколагаў можна тут (публікацыя змешчана ў літаратурным блогу, таму што на момант яе падрыхтоўкі гэтага лінгвістычнага рэсурсу яшчэ не было, а блог ужо існаваў).

Сяргей АБРАМОВІЧ

25/03/2024

Фразеалагізм «як беляшом па мордзе»

У той момант, калі аўтар гэтых радкоў гэтыя радкі піша, такога фразеалагізма ў шырокім ужытку няма. Не назіраецца і перспектыў уваходу параўнальнага звароту «як беляшом па мордзе» ў шэрагі сапраўдных, паўнапраўных, прызнаных, зафіксаваных лінгвістычнай літаратураю ўстойлівых выразаў. Магчыма нават, што яго ўжо забылі ў тым калектыве, у якім ён узнік і за межы якога наўрад ці распаўсюджваўся (акрамя выпадку з даходжаннем да аўтара гэтых радкоў). Але ўсё ж пэўны час сярод невялікага кола людзей такое выслоўе існавала і ў поўнай меры выконвала функцыю фразеалагізма (фразеалагічнага параўнання, фразеалагічнага эпітэта), вобразна абазначаючы пэўную псіхалагічную з'яву, надаючы маўленню эмацыянальнасці, камізму. Чытайце апавяданне «Кулінарны сімвал раптоўнай непрыемнасці».

Сяргей АБРАМОВІЧ

22/03/2024

Вось такі «знаходак»...

Гэты надпіс трапіў мне на вочы ў адным дзіцячым садзе (на сцяне ў калідоры). Далучайцеся, дзеткі, да скарбаў роднай мовы з маленства! Клапатлівыя педагогі вам у гэтым дапамогуць.


Для тых, хто не расшалопаў. У беларускай мове ёсць слова жаночага роду «знаходка». У родным склоне множнага ліку яно мае нулявы канчатак: «бюро знаходак» (як і «гаспадар лодак», «не хапае дзвюх лыжак» і г.д.). Канчатак «аў» у такой граматычнай форме маюць словы мужчынскага роду: «кавалак — кавалкаў», «падворак — падворкаў» і... «знаходак — знаходкаў»? Але што такое ці хто такі «знаходак»? Дапускаецца ўжыванне канчатка «аў» у словах жаночага роду, калі без яго ўтвараецца збег зычных: вымавіць, напрыклад, «пяці парт» крыху нязручна, на збегу «рт» язык спатыкаецца, лягчэй — «пяці партаў» (як і «ведзьмаў», «шэльмаў», «стрэльбаў», «грозьбаў» і інш.). Падрабязнасці шукайце ў правілах скланення назоўнікаў (напрыклад, у любым школьным падручніку), цяжкія выпадкі ўдакладняйце па слоўніках.

Дарэчы, мяркуючы па плямцы над літарай «у», можна западозрыць, што нескладовасць гуку, які яна перадае, была абазначана не нарматыўным брэвісам*, а гравісам**, якога ў беларускім алфавіце няма (ну, а на момант фатаграфавання і гравіс няшчасны адваліўся).

__________

* Брэ́віс — значок у выглядзе дужкі, пакладзенай дагары кончыкамі. У беларускай мове з'яўляецца элементам літар «й», «ў».

** Гра́віс — значок у выглядзе рыскі, размешчанай вертыкальна з нахілам зверху-злева ўніз-управа (як адлюстраваны значок націску). У беларускім алфавіце адсутнічае.

Сяргей АБРАМОВІЧ

15/03/2024

«Вадзіцель курыць» або «кіроўца паліць»?

Ужыванне дзеяслова «паліць» у значэнні «курыць» нярэдка расцэньваецца як праява імкнення нацыяналістычна настроеных людзей валюнтарыстычна, насуперак натуральным законам развіцця мовы, надаць беларускай мове як мага больш адрозненняў ад рускай. Пры гэтым слова «паліць» інтэрпрэтуецца як паланізм, бо па-польску будзе «palić» (вымаўляецца «пáліць»). Дарэчы, аналагічны адпаведнік і ва ўкраінскай мове — «палити» (вымаўляецца «палы́ты»).

13/03/2024

Загадкавае слова «шангер»

Я чуў яго ў дзяцінстве (80 — 90-я гады) у сваёй роднай вёсцы (сёння мае статус аграгарадка) Лошніца Барысаўскага раёна.

Ужывалі яго ў складзе фразеалагізма, заўсёды ў множным ліку: шангеры (націск — на «а»). І ніхто з тых, у чыім маўленні сустракалася гэтая лексема, не змог растлумачыць мне яе значэнне.

Інтэрнэт цяпер маю цікаўнасць таксама не задаволіў: нічога пра шангераў тут не знайшлося. Так што засталося мне толькі, кіруючыся сваёй інтуіцыяй і фантазіяй, прапаноўваць уласныя версіі паходжання і значэння гэтага загадкавага слова. Азнаёміцца з імі можна ў нататцы «Хто такія шангеры?» (размешчана ў літаратурным блогу, бо напісана ў той час, калі гэтага лінгвістычнага праекта яшчэ не было, а блог ужо існаваў).

Сяргей АБРАМОВІЧ

12/03/2024

Пахваліць пісьменнікаў за пісьменнасць не магу

Сярод кніжак на беларускай мове, што выдаюцца сёння, я не змагу адразу, не задумаўшыся і не пакапаўшыся на сваёй кніжнай паліцы, назваць хаця б адну, не сапсаваную крытычнай (недапушчальна вялікай) колькасцю арфаграфічных, пунктуацыйных і граматычных памылак (грубых — стопрацэнтна няправільных напісанняў, якія немагчыма вытлумачыць супярэчлівасцю лінгвістычных нормаў ці моўным густам аўтара і прызнаць умоўна прымальнымі): па 3-4 памылкі на старонцы звычайна знаходжу, ва ўсялякім разе, гэта тычыцца мастацкай літаратуры (яе чытаю найбольш). Прыклады і больш падрабязны разгляд гэтай праблемы — у маім артыкуле «Пісьменнік павінен быць добра пісьменным».

Калі ж памылак у кнізе будзе мала, то я западозру, што або аўтар з'яўляецца філолагам (зрэшты, адпаведны дыплом не гарантуе высокага ўзроўню пісьменнасці свайго ўладальніка), або над ёй сумленна папрацавалі рэдактар і карэктар. Гэтай праблеме я таксама прысвяціў публікацыю — «Не веру пісьменнікам, бо добра іх ведаю».

Весці гаворку пра старыя кнігі (выдадзеныя ў савецкую эпоху) асцерагаюся: мне здаецца, што яны даволі строга адпавядалі прынятым у той час арфаграфічным, пунктуацыйным і граматычным нормам, але ўсё ж чытаў я іх даўно, у студэнцкім юнацтве (падчас вучобы на філфаку, 1996 — 2001), а таму шмат што магло забыцца, сказіцца ў памяці, ды і сам я ў тым узросце мог па-іншаму ўспрымаць тэкст — у прыватнасці, не звяртаць пільнай увагі на памылкі.

Сяргей АБРАМОВІЧ

07/03/2024

Дыялектныя словы з Лагойшчыны, якія я прызнаў бы літаратурнымі

Творы празаіка Івана Пташнікава (1932 — 2016) насычаныя дыялектызмамі з яго малой радзімы — Лагойшчыны. Асобныя з іх зразумелыя, а пра значэнне некаторых можна толькі здагадвацца (на жаль, аўтар іх не тлумачыць). За масавае ўжыванне дыялектызмаў гэтага пісьменніка крытыкавалі. Я не бачу прычын папракаць аўтара, які інтэнсіўна насычае тэкст словамі з народных гаворак, схіляюся нават да таго, каб пахваліць яго за ўзбагачэнне літаратурнай мовы і ўклад у захаванне самабытнай, каларытнай лексікі, толькі зусім незразумелыя словы пры гэтым абавязкова трэба тлумачыць у каментарыях (зносках) — так яны атрымаюць болей шанцаў увайсці ў шырокі ўжытак.

Знойдзеныя ў Івана Пташнікава лексемы «акрамэ́сак», «хлебяста́ць», «шваргата́ць», «дапаганя́ць» здаюцца мне вартымі «ўзаконьвання» — унясення іх у слоўнікі літаратурнай мовы. Падрабязнасці — у маёй нататцы «Чатыры адметныя словы з чатырох тамоў» (размешчана ў маім літаратурным блогу, паколькі напісана ў той час, калі гэтага лінгвістычнага праекта яшчэ не існавала, а блог ужо быў).

Сяргей АБРАМОВІЧ