15/03/2024

«Вадзіцель курыць» або «кіроўца паліць»?

Ужыванне дзеяслова «паліць» у значэнні «курыць» нярэдка расцэньваецца як праява імкнення нацыяналістычна настроеных людзей валюнтарыстычна, насуперак натуральным законам развіцця мовы, надаць беларускай мове як мага больш адрозненняў ад рускай. Пры гэтым слова «паліць» інтэрпрэтуецца як паланізм, бо па-польску будзе «palić» (вымаўляецца «пáліць»). Дарэчы, аналагічны адпаведнік і ва ўкраінскай мове — «палити» (вымаўляецца «палы́ты»).

Такая з'ява, калі пры наяўнасці некалькіх варыянтаў абазначэння аднаго паняцця перавага аддаецца таму слову, якое менш за іншыя падобнае на рускамоўны эквівалент, сапраўды існуе (напрыклад, некаторыя прынцыпова ігнаруюць слова «вадзіцель», ужываючы толькі «кіроўца», бо па-руску будзе «водитель». Ніжэй пра гэта яшчэ пойдзе гаворка). Але ў выпадку з паленнем замест курэння закід у палітызацыі лінгвістыкі выглядае паспешлівым і неабгрунтавана катэгарычным.

Паэта Аляксея Пысіна (1920 — 1981) у антырасійскіх настроях ніяк не западозрыш. Ён, у прыватнасці, у 1957 годзе напісаў па меншай меры два вершы, у якіх прызнаецца ў любові да Расіі (а ў адным з іх нават выказвае задавальненне з нагоды змешвання беларускай і рускай моў):

[…]
Гэтым болей за ўсё ганаруся я,
Што мы побач з Расіяй жывём.
(Канцоўка верша «Побач з Расіяй». Тут і далей цытаты прыводзяцца паводле выдання: «Аляксей Пысін. Выбраныя творы ў двух тамах. Том І: вершы, 1948 — 1966», стар. 92);

[…]
Наша «дзе», быццам водгук струны,
З мовай рускай, маскоўскай злілося.

[...]
Роднай стала мне гэта зямля;
Пад Мажайскам
І ў пушчы ля Слуцка
З масквічамі агульнай была
І зямлянка,
І хлебная луста.

Вось Масква… Уваходжу, як свой
Да сваіх.
[…] (З верша «Падмаскоўе», стар. 94).

У 1966 годзе паэт пачаў адзін са сваіх вершаў радком «Палім мы маршанскую махорку» (верш без назвы, стар. 271). Ужыў паланізм? Але якія-небудзь іншыя словы з польскай мовы ў яго творчасці не сустракаюцца (ва ўсялякім разе, трэба добра пашукаць), а вось русізмаў крыху ёсць, і нарадзіўся Аляксей Пысін не на беларуска-польскім памежжы, а ў вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці — побач з бранскім рэгіёнам Расіі.

У тлумачальных слоўніках беларускай літаратурнай мовы дзеяслоў «паліць» мае некалькі значэнняў, але значэння «курыць» сярод іх няма (у прыватнасці — у трэцім томе акадэмічнага пяцітомніка 1979 года выдання і ў акадэмічным аднатомніку 1996 года). Колькасць складоў і націск у словах «палім» і «курым» аднолькавыя, гэта значыць, у вышэйзгаданым паэтычным радку яны ўзаемазамяняльныя. Тым не менш аўтар аддаў перавагу не зафіксаванай у слоўніках лексічнай адзінцы (магчыма, таму, што змест верша ўяўляе сабою ўспамін пра адзін з эпізодаў франтавога перыяду жыцця паэта, а вайна асацыіруецца з агнём: і полымя пажараў, і загад «Агонь!», і рускае слова «палить» у сэнсе «страляць»...).

З улікам гэтых геаграфічных і лінгвістычных акалічнасцей можна сцвярджаць, што слова «паліць» у значэнні «курыць» існавала ў народных гаворках як мінімум ужо тады, у 60-я гады мінулага стагоддзя, і не толькі на захадзе Беларусі.

А цяпер пашукаем праўды ў сітуацыі з «вадзіцелем/кіроўцам».

Па-польску «вадзіцель» будзе «kierowca» (вымаўленне — «керо́фца»). У славацкай мове (разам з польскаю адносіцца да заходнеславянскай групы) вадзіцеля транспартных сродкаў называюць словам «vodič» (вымаўленне — «во́дічь»). Відавочна, што «vodič» уяўляе сабою сэнсавы і граматычны аналаг рускамоўнага слова «водитель» (руская мова, як і беларуская, — усходнеславянская), хаця з Расіяй Славакія не мяжуе. Ва ўкраінскай мове (таксама ўсходнеславянская група) вадзіцель — «водій» (націск на «і»). Ці рэальна ў дадзенай сітуацыі разабрацца, якое слова з якой мовы ў якую прыйшло (або ўзніклі гэтыя лексемы ў кожным выпадку самастойна, ізалявана, паводле ўнутраных законаў мовы)? Каб даць адназначны адказ, спатрэбіцца правесці грунтоўнае лінгвістычнае даследаванне з супастаўленнем старадаўніх пісьмовых крыніц некалькіх народаў. Але якімі б ні атрымаліся яго вынікі, галоўнае тое, што ў сістэму сучаснай беларускай мовы абодва словы — і «вадзіцель», і «кіроўца» — упісаны гарманічна, не парушаюць яе законаў і гучаць натуральна.

У рускай мове можна і «водить автомобиль», і «управлять автомобилем», але асоба, якая ажыццяўляе гэтыя дзеянні, абазначаецца толькі адным назоўнікам — «водитель». У беларускай жа для выканальніка кожнага з двух дзеянняў ёсць персанальнае слоўнае абазначэнне. Што ў гэтым кепскага? Ва ўсялякім разе, для паэтаў — толькі плюс: будуць рыфмаваць, не падыдзе адно слова — паспрабуюць прыладзіць іншае.

Такім чынам, словы «кіроўца» і «вадзіцель» у беларускай мове лепш прызнаць цалкам раўнапраўнымі, як і два абазначэнні шкоднай звычкі — «паліць» і «курыць».

Сяргей АБРАМОВІЧ