18/02/2024

Кансультацыя па беларускай мове

Да ведама асоб, якія вывучаюць беларускую мову або, не валодаючы ёю, спрабуюць перакласці з/на яе які-небудзь тэкст.

Аўтару гэтага інтэрнэт-рэсурсу можна задаць вытанне (папрасіць кансультацыі), прама ці ўскосна датычнае сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Пытанні могуць мець як практычны характар (напрыклад, у выпадку цяжкасці з перакладам якой-небудзь фразы з/на беларускую мову, або калі неабходна выбраць найбольш адпаведнае слова з некалькіх магчымых і г.д.), так і тэарэтычны, фундаментальны (просьба выказаць сваё меркаванне наконт якой-небудзь моўнай з'явы ці растлумачыць сутнасць гэтай з'явы).

Людзей, якія валодаюць беларускай моваю дасканала, глыбока ведаюць і правільна адчуваюць яе структуру, сёння мала. Як вынік, у выпадку ўзнікнення цяжкасцей, спрэчных пытанняў у працэсе вывучэння ці няўпэўненага выкарыстання беларускай мовы атрымаць кваліфікаваную дапамогу, талковую кансультацыю, уцямны, канкрэтны адказ на пытанне, праўдзівую, адназначную і поўную інфармацыю адносна ўзніклай цяжкасці праблематычна. Нават службовыя асобы, якія карыстаюцца беларускай моваю ў прафесійнай дзейнасці (педагогі, журналісты, работнікі культуры), часцей за ўсё дэманструюць пасрэдны, а то і павярхоўны, пачатковы ўзровень валодання ёю. Засмучаюць слабым веданнем мовы шмат якія пісьменнікі (прыклад-1, прыклад-2, прыклад-3). Болей за тое, у Беларусі ёсць па меншай меры адзін знакаміты, аўтарытэтны лінгвіст, які напісаў такую манаграфію, што і смех і грэх: на некаторых старонках ад памылак вочы разбягаюцца.

Каб атрымаць усебаковую і аб'ектыўную інфармацыю на тую ці іншую тэму, датычную сучаснай беларускай мовы, можаце звярнуцца да аўтара гэтага рэсурсу праз электронны адрас у сэрвісе gmail.com, набраўшы перад слімаком спалучэнне літар bellitmova (адрас прыведзены апісальна, а не прама, з мэтай мінімізацыі выкарыстання яго спамерамі).

Калі аўтар зацікавіцца вашым пытаннем, то адкажа на яго асабіста або публічна — у форме агульнадаступнай публікацыі на гэтым рэсурсе (не раскрываючы вашых персанальных дадзеных). Тэрмін адказу: у сувязі з дэфіцытам вольнага часу ў аўтара гэтага рэсурсу паміж накіраваннем яму пытання і атрыманнем адказу можа мінуць да двух тыдняў, а калі на працягу гэтага часу вы не атрымалі адказу, то хутчэй за ўсё, што вашае пытанне аўтара не зацікавіла.