22/03/2024

Вось такі «знаходак»...

Гэты надпіс трапіў мне на вочы ў адным дзіцячым садзе (на сцяне ў калідоры). Далучайцеся, дзеткі, да скарбаў роднай мовы з маленства! Клапатлівыя педагогі вам у гэтым дапамогуць.


Для тых, хто не расшалопаў. У беларускай мове ёсць слова жаночага роду «знаходка». У родным склоне множнага ліку яно мае нулявы канчатак: «бюро знаходак» (як і «гаспадар лодак», «не хапае дзвюх лыжак» і г.д.). Канчатак «аў» у такой граматычнай форме маюць словы мужчынскага роду: «кавалак — кавалкаў», «падворак — падворкаў» і... «знаходак — знаходкаў»? Але што такое ці хто такі «знаходак»? Дапускаецца ўжыванне канчатка «аў» у словах жаночага роду, калі без яго ўтвараецца збег зычных: вымавіць, напрыклад, «пяці парт» крыху нязручна, на збегу «рт» язык спатыкаецца, лягчэй — «пяці партаў» (як і «ведзьмаў», «шэльмаў», «стрэльбаў», «грозьбаў» і інш.). Падрабязнасці шукайце ў правілах скланення назоўнікаў (напрыклад, у любым школьным падручніку), цяжкія выпадкі ўдакладняйце па слоўніках.

Дарэчы, мяркуючы па плямцы над літарай «у», можна западозрыць, што нескладовасць гуку, які яна перадае, была абазначана не нарматыўным брэвісам*, а гравісам**, якога ў беларускім алфавіце няма (ну, а на момант фатаграфавання і гравіс няшчасны адваліўся).

__________

* Брэ́віс — значок у выглядзе дужкі, пакладзенай дагары кончыкамі. У беларускай мове з'яўляецца элементам літар «й», «ў».

** Гра́віс — значок у выглядзе рыскі, размешчанай вертыкальна з нахілам зверху-злева ўніз-управа (як адлюстраваны значок націску). У беларускім алфавіце адсутнічае.

Сяргей АБРАМОВІЧ