27/02/2024

Флэшмобам часта называюць не флэшмоб

Калі паняцце «флэшмоб» толькі ўзнікла, яно абазначала не тое, што маюць на ўвазе пад ім сёння. Дакладней, часам і сёння флэшмобам называюць уласна флэшмоб, але часта ўжываюць гэтае слова для абазначэння мерапрыемства, якое на самай справе флэшмобам не з'яўляецца. Можна, вядома ж, весці гаворку пра паступовае набыццё словам новага, дадатковага значэння (слова становіцца шматзначным), але ўзнікла гэтае дадатковае значэнне з прычыны недастатковага разумення людзьмі значэння першапачатковага. Падрабязнасці — у маёй нататцы «Чулі, што флэшмоб, ды не зразумелі, што за ён» (нататка размешчана ў маім літаратурным блогу, паколькі напісана яна ў той час, калі гэтага лінгвістычнага праекта яшчэ не існавала, а блог ужо быў).

Сяргей АБРАМОВІЧ

24/02/2024

Словы «рахалле» і «ламарэндзе»

У гаворках Талачынскага раёна (Віцебская вобласць) паміж 2007 і 2009 гадамі я двойчы чуў слова «ра́халле» ў значэнні «ламачча, старызна, хлам, разваліна»: аднойчы пажылы работнік будаўнічай брыгады назваў так стары калгасны кароўнік, які гэтая брыгада рамантавала, і аднойчы малады, гадоў трыццаці, жыхар райцэнтра, педагог паводле адукацыі (але працаваў не па спецыяльнасці), абазначыў гэтым словам свае гаротныя, заезджаныя, дрэнна дагледжаныя «Жыгулі» шостай мадэлі, якія часта ламаліся.

Гэты дыялектызм я ўвёў у сваё апавяданне «Жывуць небагата, чубяцца заўзята» — уклаў яго ў вусны аднаго персанажа, які на самай справе (твор з'яўляецца замалёўкаю з натуры) ужыў нейкае іншае, агульназразумелае слова — ці то «хлам», ці то яшчэ якое.

Дарэчы, гэтага самага персанажа я прымусіў вымавіць і яшчэ адну не зафіксаваную ў слоўніках літаратурнай мовы лексему з аналагічным значэннем — «ламарэ́ндзе». Знайшоў яе (і ўпадабаў) у творах Сакрата Яновіча (1936 — 2013). Магчыма, гэта дыялектызм з яго мясцовасці (Беласточчына), а магчыма, аказіяналізм (аўтарскі неалагізм).

Сяргей АБРАМОВІЧ

22/02/2024

Моўная памылка ў запрашэнні на Дзень мовы

21.02.2024 мабільны аператар А1 на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» запрасіў усіх адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы візітам у кавярню. Запрашэнне сфармулявана з лінгвістычнай памылкаю — з русізмам, які часта ўжываюць тыя, хто слаба, павярхоўна валодае беларускай мовай.

20/02/2024

Наконт слова «пажарнік» не сумнявайцеся

Гэтае на першы погляд даўно закрытае пытанне час ад часу зноў становіцца прадметам спрэчкі. Актуалізуюць яго, робячы заўвагу асобе, якая ўжыла слова «пажарнік» для абазначэння прафесіі, далёкія ад лінгвістыкі прадстаўнікі самых розных сфер дзейнасці: і сярод супрацоўнікаў пажарнай службы, і сярод настаўнікаў, і сярод журналістаў можна сустрэць шчыра перакананых у тым, што пажарнік — гэта... пагарэлец!

Калі хтосьці ў такіх выпадках сумняваецца, то будзьце ўпэўнены і перадайце іншым: пажарнік і пажарны — адна асоба. Падрабязнасці — тут.

Сяргей АБРАМОВІЧ

18/02/2024

Кансультацыя па беларускай мове

Да ведама асоб, якія вывучаюць беларускую мову або, не валодаючы ёю, спрабуюць перакласці з/на яе які-небудзь тэкст.

Аўтару гэтага інтэрнэт-рэсурсу можна задаць вытанне (папрасіць кансультацыі), прама ці ўскосна датычнае сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Пытанні могуць мець як практычны характар (напрыклад, у выпадку цяжкасці з перакладам якой-небудзь фразы з/на беларускую мову, або калі неабходна выбраць найбольш адпаведнае слова з некалькіх магчымых і г.д.), так і тэарэтычны, фундаментальны (просьба выказаць сваё меркаванне наконт якой-небудзь моўнай з'явы ці растлумачыць сутнасць гэтай з'явы).

17/02/2024

Консультация по белорусскому языку

К сведению лиц, изучающих белорусский язык или пытающихся, не владея им, перевести с/на него какой-либо текст.

Автору данного интернет-ресурса можно задать вопрос (попросить консультации), прямо или косвенно касающийся современного белорусского литературного языка. Вопросы могут носить как практический характер (например, в случае затруднения при переводе какой-либо фразы с/на белорусский язык, при необходимости выбрать наиболее подходящее слово из нескольких возможных и т.д.), так и теоретический, фундаментальный (просьба высказать свое мнение насчет какого-либо явления в языке или разъяснить суть данного явления).