17/04/2024

Няправільны націск у назвах месяцаў «сакавік» і «красавік»

Шпак
Вястун вясны. Шпакі аднымі з першых вяртаюцца з выраю.

Шмат людзей няправільна ставяць націск у назвах першага і другога веснавых месяцаў — кажуць «сака́вік» і «краса́вік» (назва трэцяга месяца не мае націску, хаця прыхільнікі ўжывання слова «травень» замест «май», вядома ж, не пагодзяцца, і гаворку на гэтую тэму я таксама буду весці, але іншым разам).

Пасадка бульбы сельгаспрадпрыемствам
Красавік. Сельгаспрадпрыемства садзіць бульбу.

Такое недарэчнае вымаўленне за апошніх пару гадоў я чуў (ужывую, не па тэлевізары ці радыё) ад трох асоб, якія маюць вышэйшую адукацыю розных профіляў, атрыманую ў ВНУ Мінска і Віцебска. З улікам таго, што беларуская мова ў сучасным грамадстве па-за медыясфераю ўжываецца нячаста (ды і ў СМІ таксама не надта), тры выпадкі за такі адрэзак часу я схільны разглядаць як тэндэнцыю, масавую распаўсюджанасць памылкі.

Двое з вышэйзгаданых людзей — ураджэнцы Талачына і Талачынскага раёна (Віцебская вобл.), адзін родам аднекуль з Гомельшчыны. У такім лінгвагеаграфічным кантэксце вытлумачыць аблудную пастаноўку націску ўплывам дыялектаў наўрад ці магчыма, бо Віцебшчына з Гомельшчынай нават не мяжуюць і супадаюць з рознымі групамі народных гаворак. А прымаючы да ўвагі той факт, што «сака́вік» ды «краса́вік» гэтыя асобы вымаўлялі не ў вольнай гутарцы, а зычытваючы з паперы тэксты ў афіцыйных абставінах (і аўтарамі гэтых тэкстаў самі не з'яўляліся, і зачытвалі вельмі марудна і няўпэўнена, бы слабы школьнік на ўроку), можна адназначна зрабіць выснову, што прычына такога вымаўлення — у няведанні мовы.

Хутчэй за ўсё, у школе ім выставілі шляхам завышэння патрэбныя балы, а ў ВНУ на іх спецыялізацыях мова калі і была прадугледжана праграмаю, то ва ўсялякім разе профільным прадметам не з'яўлялася — мільганула другарадна, можа, на працягу якога семестра.

Сяргей АБРАМОВІЧ