01/05/2024

Май не горшы за травень

Вось і настаў месяц, які некаторыя жадаюць называць траўнем. Логіка іх зразумелая, але аднабаковая, свядома ці міжволі пазбаўленая некаторых фактаў, істотных для забеспячэння ўсебаковага, вычарпальнага разгляду гэтага спрэчнага пытання.

Майскі дуб. А можна сказаць, што дубовы май (тлумачэнне знойдзеце ніжэй).

Беларускія назвы месяцаў самабытныя, матываваныя, з відавочнай сэнсавай нагрузкаю — абазначаюць нейкія з'явы прыроды, і май, на думку асоб, якія ведаюць мову неглыбока, выбіваецца з гэтага шэрагу. Да таго ж гэтае слова, па-рознаму відазмененае, прысутнічае ў неславянскіх мовах, а значыць, выглядае запазычаным. Але менавіта толькі выглядае.

У пяцітомным тлумачальным слоўніку зафіксавана такое значэнне слова «май», як «зеляніна для ўпрыгожвання». А мая́ цяпер ужо нябожчыца бабуля з Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ўвогуле называла маем адно дрэва (выключна, толькі яго і больш ніякія) — клён. Неяк на Троіцу, калі я, школьнік, жыў у яе падчас летніх канікулаў, даручыла мне наламаць маю для развешвання па двары:

— Ведаеш, дзе ў нас май расце? Як выйдзеш за аблогу [аблогаю звалася сумежная з агародам абнесеная жэрдкамі паша, якая з'яўлялася часткаю сядзібы маіх родных, належала ім. — С.А.], так адразу з правага боку, каля Сцяпанавай [суседавай. — С.А.] аблогі маі растуць.

Адбывалася гэта познім вечарам (загадзя наламаць голля забыліся, спахапіліся на змярканні), і калі я вярнуўся, бабуля ў цемры прыгледзелася да маёй ношкі:

— Не збунтаваў [пераблытаў. — С. А.] поначы, ма́ю наламаў? Ага, ён.

Тая самая аблога, від з лесу. Маі-клёны — злева за межамі кадра.

У кагосьці з паэтаў дваццатых — трыццатых гадоў мінулага стагоддзя нават сустракаецца дзеепрыметнік «умая́ны» ў сэнсе «ўпрыгожаны зялёнымі галінкамі» (дакладна аўтара не назаву і цытату не прывяду, забыў).

Дубовы май.

Такім чынам, назва апошняга веснавога месяца «май» нічым не горшая за «травень», арганічна ўпісваецца ў сістэму беларускай мовы.

Бярозавы май.

Сяргей АБРАМОВІЧ