18/04/2024

«Адновім» ці «аднавім»? Правільна — толькі «адновім»

Міністэрства лясной гаспадаркі штогод арганізоўвае рэспубліканскую акцыю па масавай пасадцы лесу добраахвотнікамі. Назва акцыі сфармулявана на сайце міністэрства наступным чынам: «Аднавім лясы разам!» — менавіта «аднавім», а не «адновім» (тут і далей паўтлустым курсівам абазначаю націск).

Скрыншот з сайта міністэрства.

У акадэмічным «Граматычным слоўніку дзеяслова» 2013 года выдання прыведзена форма «адновім». У першым томе акадэмічнага пяцітомнага тлумачальнага слоўніка 1977 года нават прыведзены прыклад з творчасці Змітрака Бядулі: «Зарастуць травой магілы; Мы адновім нашы сілы, Адбудуем край».

Фрагмент старонкі пяцітомніка. Сінім колерам падкрэслена слова «адновім».

Націск на другім з канца складзе ў такой граматычнай форме (першая асоба, множны лік, будучы час) маюць іншыя аналагічныя дзеясловы: «адчыніць — адчынім», «разбурыць — разбурым», «падказаць — падкажам»; такая самая сітуацыя паўстае, калі падбіраць аналогіі з пачатковай формаю ў незакончаным трыванні: «расстаўляць — расставім», «замаўляць — замовім», «разбаўляць — разбавім».

02.04.2024 я звярнуўся ў Мінлясгас (накіраваў электронны зварот праз Інтэрнэт) з прапановаю прывесці назву акцыі ў адпаведнасць нормам сучаснай беларускай літаратурнай мовы — у прыватнасці, павыпраўляць памылкі на сайце.

17.04.2024 мне прыйшоў адказ, у якім паведамляецца, што назва акцыі яшчэ на стадыі яе [акцыі] распрацоўкі (2016 год) абмяркоўвалася з філолагамі (з якімі канкрэтна і колькі іх было, не ўдакладняецца), і гэтыя філолагі рэкамендавалі ўжываць менавіта варыянт «аднавім». Сёлета, у 2024 годзе, як сцвярджаецца ў адказе міністэрства, напярэдадні акцыі зноў адбылося абмеркаванне яе назвы, у тым ліку — па тэлефоне са спецыялістамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа (з якімі канкрэтна і ў якой колькасці, таксама не ўдакладняецца), і пры гэтым меркаванні спецыялістаў разышліся — адбыліся, цытую, «дыскусіі ў колах дасведчаных спецыялістаў» (удакладнення, што за дасведчаныя спецыялісты, зноў жа, няма). Усё гэта выглядае непраўдападобна і камічна (Мінлясгас ледзь не канферэнцыі лінгвістычныя арганізоўвае, каб чарговы раз пацвердзіць правільнасць назвы лесапасадачнай акцыі, няма яму болей чым заняцца), але за што купіў, за тое і прадаю.

Неканкрэтныя, абагульненыя апеляцыі да нейкіх невядомых дасведчаных спецыялістаў наводзяць на думку, што міністэрства проста не хоча прызнаваць сваю памылку і выкручваецца, хавае сваю хібу, нагрувашчваючы сцверджанні, праўдзівасць якіх я не магу праверыць.

Таксама ў адказе міністэрства сцвярджаецца, што акадэмічны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» 2016 года пад рэдакцыяй І. Капылова дазваляе, цытую, «правапіс дзеяслова "аднавіць" праз "а"». Правапіс тут ні пры чым, бо гаворка ідзе пра словаўтварэнне, але я зазірнуў у гэты слоўнік і знайшоў там наступныя звесткі: «АДНАВІЦЬ, -наўлю, -новіш, -новіць, -ноўлены» — і ўсё, далей ідуць варыянты значэння слова. Такі самы пералік граматычных формаў прыведзены і ў вышэйзгаданым пяцітомніку: першая асоба будучага часу адзіночнага ліку падаецца з націскам на апошнім складзе, а форма першай асобы множнага ліку адсутнічае (як і іншыя формы множнага ліку) — адсюль сапраўды можна зрабіць выснову, што калі словаформа ў множным ліку не прыведзена, значыць, яна будзе мець выгляд «аднавім». Але трэба разумець, што гэта слоўнік тлумачальны, а не граматычны, укладальнікі проста прывялі формы адзіночнага ліку, не займаючы месца на друкаванне яшчэ і формаў множнага, бо не думалі, што хтосьці можа нафантазіраваць нейкія іншыя варыянты.

Словаформа «аднавім» — аблуда, спароджаная нашай эпохаю, у якой новыя пакаленні ўжо не чулі жывой беларускай мовы (з вуснаў людзей, для якіх яна была роднаю з маленства — рэальна, а не намінальна). Гэтыя пакаленні маюць уяўленне аб сваёй намінальна роднай мове толькі як аб вучэбнай дысцыпліне і не здольныя эфектыўна выкарыстоўваць яе як сродак зносін, прафесійнай дзейнасці, літаратурнай творчасці.

Дапаўненне ад 10.05.2024. Пасля атрымання адказу Мінлясгаса я звярнуўся ў Дзяржаўную навуковую ўстанову «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», філіялам якога з'яўляецца Інстытут мовазнаўства, з заяваю, у якой папрасіў паведаміць мне, ці можа ў беларускай мове ўжывацца словаформа «аднавім», а таксама ці прымаў Інстытут мовазнаўства ўдзел у амберкаванні назвы акцыі. Адказ атрымаў за подпісам дырэктара Інстытута мовазнаўства І. Капылова. Вось дзве цытаты з яго: 1) «Па сутнасці пісьменнага афармлення назвы акцыі, размешчанай на сайце міністэрства, існуе адзіны правільны адказ: «Адновім лясы разам!». Толькі такую інфармацыю падаюць акадэмічныя лексікаграфічныя крыніцы»; 2) «Філіял «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Міністэрству лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь аб назве акцыі адказаў (у вуснай і пісьмовай форме) не даваў».



Сяргей АБРАМОВІЧ