08/04/2024

Мудрагелістая фізіялагічна-забаўляльная знявага

Гэты выпадак адбыўся на пачатку дзевяностых у Рэчыцы (райцэнтр у Гомельскай вобласці).

На пероне аўтавакзала вясковая бабулька, чакаючы свайго аўтобуса, гутарыла з іншымі чакальнікамі на ўсялякія займальныя тэмы — пра наркаманаў, экстрасэнсаў, сектантаў, палавую распусту і іншыя праявы надыходу новай эпохі. Праявы гэтыя былі бабульцы вельмі не даспадобы, успрымала яна іх ваяўніча, у ходзе гутаркі ад яе некалькі разоў прагучала горкае і злоснае «няма на іх Сталіна!».

А ў нейкі момант бабулька зачапілася позіркам за нізенькага падлетка старшакласніцкага ўзросту ў фіялетавым мешкаватым, нібы надзьмутым, спартыўным касцюме і накінулася на яго:

— Што ты на сябе ўсцягнуў?! На цябе ж гідка глядзець! Ты ж як п_рдун! Сам курдупель і яшчэ гэтае гідоцце ўздзеў — ну п_рдун п_рдуном!

Надыход новай эпохі тады ўвасаблялі акрамя ўсяго і пэўныя рэвалюцыйныя тэндэнцыі на рынку вопраткі: базары застракацелі ўсялякімі нязвыклымі для ўчора яшчэ савецкага чалавека трантамі — кідкімі, яркіх колераў і дзіўных мадэляў, у тым ліку і спартыўныя касцюмы з'явіліся раней не бачаных фасонаў. Таму нядзіўна, што бабульцы, наэлектрызаванай гутаркаю пра наркаманаў-сектантаў-экстрасэнсаў, апрануты ў такі касцюм хлопец падаўся адным з герояў новага часу, і яна абрынула на яго галаву пярун свайго гневу.

Хлопец маўчаў, няўцямна пазіраў на бабульку, не разумеючы, чым яе ўгнявіў (раней яны ніколі не сустракаліся, адно аднаго не ведалі і зараз чакалі розных аўтобусаў). Іншыя чакальнікі заўсміхаліся, а хтосьці папрасіў бабульку растлумачыць, чаму яна лічыць хлопца п_рдуном (наконт курдупеля не спыталі: відаць, усім было зразумела, што так называюць з адценнем пагарды дробных людзей, сінанімічна са словамі і выразамі накшталт «недаростак», «метр з шапкаю» і інш.). Бабулька ахвотна ўзялася распавядаць.

Толькі яна пачала — прыйшоў аўтобус «п_рдуна», і той разам з іншымі пасажырамі рушыў у салон, так і не даведаўшыся, чаму яго абразілі менавіта гэтым словам. Бабулька працягвала распавядаць для тых, хто заставаўся на пероне.

Аказваецца, у яе дзяцінстве калі разбіралі кабана, то выкідвалі мачавы пузыр, а дзеці гэты орган забіралі сабе на цацкі. Апаражнялі, надзімалі (ротам, як святочныя шары) — і атрымлівалі такім чынам спартыўна-гульнявую прыладу, якая сёння называецца фітболам: пузыр расцягваўся да значных памераў, сам сабою герметызаваўся (мабыць, у хадах для паступлення і вываду мачы ёсць клапаны, або хады проста сціскаліся, зліпаліся), і быў ён вельмі моцны, вытрымліваў значную вагу — дзеці коўзаліся па ім, сядзелі і пагойдваліся, карацей, усяляк забаўляліся.

Калі на пузыр моцна і раптоўна, з падскоку, сядалі або як-небудзь па-іншаму навальваліся, паветра ўсё ж вырывалася вонкі, выдаючы пры гэтым непрыстойны гук. За гэты гук сярод дзяцей яго называлі п_рдуном (а дарослыя звалі пузыр у адпаведнасці з фізіялагічным прызначэннем — сц_лём). Ну, а цяпер вось, на стыку эпох, бабулька перанесла тое дзіцячае найменне пузыра на мешкавата апранутага хлопца.

Сяргей АБРАМОВІЧ