01/04/2024

Сакавіцкая дыскусія пра Каляды


Апошні ў сёлетнім сакавіку нумар «ЛіМа»* (за 29.03.2024) выдзеліў цэлую старонку кандыдату філалагічных навук Пятру Жаўняровічу на дыскусію з доктарам гэтых самых навук Іванам Чаротай, які ў студзені і лютым у двух** нумарах (сумарна паўтары старонкі) даводзіў, што нібыта дзень нараджэння Ісуса Хрыста ў кантэксце праваслаўя па-беларуску трэба называць толькі Ражджаством.

Немілагучнасць гэтага слова і пажаданасць замены яго іншымі тэрмінамі Пятро Жаўняровіч даводзіць пераканаўча, але інтэлектуальна недысцыплінавана — нуднавата, зацягнута, размазана, з адступленнямі без патрэбы (напрыклад: «[...] як раней казалі, узяўся за пяро, а цяпер засеў за клавіятуру ноўтбука [...]»), часам рызыкуючы перайсці на асобу апанента, балансуючы на мяжы з насмешкаю («Мяркуем, што шаноўны прафесар цудоўна ведае гісторыю славянскіх моў», «Напрыканцы сваіх разваг І. Чарота (мабыць, гэта яго моцны аргумент) падае цытату з В. Ластоўскага стогадовай даўніны»).

Я запярэчыў Івану Чароце на старонках свайго літаратурнага блога (гэтага лінгвістычнага праекта тады яшчэ не было) значна лепш, больш эфектыўна — сцісла, канкрэтна, упэўнена, даходліва і да таго ж па гарачых слядах, адразу ў дзень выхаду другога нумара з публікацыяй Івана Чароты. Чытайце мой артыкул «Лінгвістыцы няма патрэбы падладжвацца пад рэлігію».

__________

* «ЛіМ» — скарочанае найменне газеты «Літаратура і мастацтва», агульнапрынятае ў філалагічным асяроддзі.

** Пятро Жаўняровіч піша, што ў трох, але я бачыў толькі два — за 26.01.2024 і за 02.02.2024, пры гэтым у першым нумары паведамлялася, што працяг будзе, а ў другім такое паведамленне адсутнічала, і выглядаў артыкул лагічна завершаным. Праўда, пасля мне не прыйшлі два нумары «ЛіМа» (выпісваю яго), і я на гэты конт звяртаўся ў паштовае аддзяленне, але мне нічым не змаглі дапамагчы, прапалі газеты, так што можа, Іван Чарота сапраўды выступіў на калядна-ражджэственскую тэму яшчэ і ў трэцім нумары.

Сяргей АБРАМОВІЧ